МЕ́ДЫЧЫ КАЦЯРЫ́НА, Кацярына Медычы (Catherine de Médicis; 13.4.1519, г. Фларэнцыя, Італія — 5.1.1589),
французская каралева (з 1533), жонка Генрыха II (гл. Генрых, франц. каралі). З роду фларэнтыйскіх герцагаў Медычы. У час праўлення сваіх сыноў Францыска II [1559—60], Карла IX [1560—74] і Генрыха III (гл. Генрых, франц. каралі) актыўна ўмешвалася ў кіраванне дзярж. справамі (у час маленства Карла IX рэгентша ў 1560—64). У перыяд рэлігійных войнаў не дапускала вяльмож да кіравання дзяржавай, прытрымлівалася палітыкі лавіравання. У 1570 настаяла на заключэнні Сен-Жэрменскага мірнага дагавора з гугенотамі. У 1572, баючыся ўзмацнення гугенотаў, была адным з арганізатараў Варфаламееўскай ночы.
т. 10, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)